top

МАГ/The International Association for the Humanities     ЖУРНАЛ МЕЖДУНАРОДНОЙ АССОЦИАЦИИ ГУМАНИТАРИЕВ | Volume 5, Issue 1 (34), 2016.

Каментары да матэрыялаў семінара «Гуманітарныя навукі і дэмакратызацыя на постсавецкай прасторы»

Twitter ButtonGoogle+ ButtonFacebook Button

Семинар Международной Ассоциации Гуманитаривев (МАГ) «Гуманитарные науки и демократизация на постсоветском пространстве: что сделано, что не сделано и что делать дальше?» состоится в Киеве 30-31 октября 2014 г. В предыдущих выпусках журнал “The Bridge-MOCT” знакомил читателей и читательниц с материалами семинара и комметариями к ним. В этом номере мы также предлагаем комменарии к некоторым ранее опубликованным эссе и и по-прежнему предлагаем присылать ваши отклики, размышления, мнения по вопросам, поднятым в эссе, а также по проблемам постсоветской гуманитаристики в целом. Электронный адрес для связи: seminarmag2014@gmail.com.

 

Iryna KashtalianКідаеш погляд на тэксты калег, якія распавядаюць пра цяжкасці пошука гуманістыкай свайго шляху на постсавецкай тэрыторыі, і ловіш сябе на думцы наколькі ўсё ж падобныя праблемы, з якімі мы сутыкаемся ў штодзённай прафесійнай дзейнасці. Хаця ступень дэмакратызацыі ва Украіны, Расіі і Беларусі розная, аднак кансерватызм навукі з душком савецкага, кланавасць, нежаданне навукоўцаў успрымаць новыя метадалагічныя павевы агульныя для ўсяго рэгіёну. Пэўныя прыкметы крызісу ў постсавецкай гуманістыцы паказвае не толькі нежаданне перагляду даследчыкамі сваіх падыходаў, а таксама і адсутнасць рэформ сферы, дзе яны задзейнічаны. Прыкладам, значна абцяжарваюць магчымасці развіцця навукі завышаная выкладчыцкая нагрузка ва ўніверсітэтах ці рэалізацыя функцыі Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй вырашаць замест навуковай супольнасці ці вартыя даследаванні прысуджэння кандыдацкай ці доктарскай ступені.

Звяртаючыся да спецыфікі беларускай сітуацыі, як найбольш блізкай, можна доўга разважаць пра рэпрэсаваную гуманістыку. Сярод гісторыкаў яна сведчыць пра фактычны іх падзел на афіцыйных і незалежных (ці калі камусьці больш так падабаецца, нефармальных). Прычым хоць апошніх не так і шмат, але іх становіцца больш пад уплывам кансервацыі палітычнага рэжыма, які фармуе ідэалагічную палітыку, што непасрэдна ўплывае на дзяржаўныя патрабаванні i прэтэнзіі да навуковай супольнасці. З часам павялічваецца спіс тых, хто меў праблемы з абаронамі дысертацый, публікацыямі, захаваннем працоўнага месца з-за сваіх прафесійных поглядаў, выкарыстання новых метадаў, а нават і за тое, што быў грамадска актыўным. Менавіта яны маглі б скласці авангард развіцця навукі ў цяперашняй Беларусі.

У такіх менш “звязаны рукі” на выкарыстанне новых для беларускай гуманістыкі накірункаў і метадаў, хаця легітымізацыя апошніх не такая простая, бо па старой звычцы гэты працэс лічыцца “аддадзеным на водкуп” толькі афіцыйным арганізацыям. Праблема забароненых тэм, на жаль, часта звязана не толькі з войнамі памяці, а і з нежаданнем змены старых падыходаў. Міждысцыплінарнасць бачыцца страшным сном тым, хто зацвярджае пашпарты, праграмы спецыяльнасцяў, яна не ўкладаецца ў межы іх рэгламентацыі. Таму ім прасцей раскрытыкаваць чым адкрыцца да чагосьці новага. Прычым узровень кансерватызма расце ў накірунку да вышэйшых злучваў адказных за навуку ў дзяржаве. Гэта ў тым ліку звязана з недастатковым абнаўленнем кадраў. Зваротны бок медаля зніжэнне папулярнасці навукі як сферы прафесійнай дзейнасці з-за яе слабых жыццёвых перспектыў, недастатковай ступені павагі ў грамадстве, дзе сама  дзяржава падае кепскі прыклад, робячы націск на тое, што больш важныя сферы, звязаныя з выкарыстаннем фізічнай, а не разумовай працы.

У Беларусі гісторыкі могуць уладкавацца на працу па спецыяльнасці фактычна толькі ў дзяржаўныя арганізацыі. Праз гэты дзейсны рычаг улада можа кантраляваць працу гісторыка. Не дарма ж на афіцыйным узроўні было сказана, што навукоўцы выконваюць толькі дзяржаўны заказ. Гэта фактычна робіць з іх служак дзяржавы і гаворыць аб залежнасці ад яе выніковага навуковага наратыва. Унутры дзяржаўных арганізацый ёсць тыя, хто займаюцца цэнзурай (афіцыйна, канешне, гэта не агучваюць), і ўказваюць як “правільна” пісаць, якія пытанні трэба абмінуць. Сярод саміх навукоўцаў ёсць шмат тых, хто не хоча праблем зверху ў асвятленні актуальных тэм, таму займаюцца самацэнзурай. Дзяржаве не патрэбны войны памяці, створаная ёю сістэма ці прадстаўляе ўмовы для напісання выгаднага ёй прадукта ці адсоўвае на маргінэз тых, хто не гатовы гуляць па яе правілах.

Асноўнымі праблемамі для тых, хто застаўся па-за бартом афіцыйных навуковых устаноў, становяцца цяжкая прафесійная самарэалізацыя, банальна ўскладненая здабыча сродкаў для існавання. Не ўсе вытрымліваюць гэтае выпрабаванне, абіраюць складаны шлях застацца ў прафесіі, але па-за сістэмай. Фактычна перакрытыя каналы легальнага паступлення сродкаў на працы па навуковых праектах змушаюць незалежных гісторыкаў фактычна да эміграцыі. Яны знаходзяць працоўнае месца ва ўніверсітэтах і праектах у суседніх і далёкіх ад Беларусі краінах. Як вынік частка з іх можа стаць ужо не беларускімі гісторыкамі і беларуская навука панясе чарговыя страты.Шлях да незалежнай навуковай пазіцыі, якая бачная праз адкрытае змаганне за тэму, за свой тэкст, дадзены не кожнаму. Ён хутчэй адпавядае больш мабільным з нашай “браціі”, бо не кожны гатовы рашыцца на перспектыву нестабільнага фінансавага становішча, неабходнасць пастаянных пераездаў. Частку не ў апошнюю чаргу стрымлівае ад пратэсту невалоданне замежнымі мовамі, без якіх цяжка працаваць за мяжой. Аляксей Братачкін пісаў пра праблемы карпаратыўнай падтрымкі гісторыкаў, як гэта складана ў Беларусі. Мушу пагадзіцца з гэтым, прынцып не ўмешвацца пакуль не зачапіла, вельмі актуальны для большасці. Ім ёсць што губляць, а пераслед часта прыкрываецца фармальна абгрунтаванымі прычынамі, у якія некаторым так хочацца верыць.

Значная частка беларускіх гуманітарыяў, гісторыкаў маюць узважаны падыход, рыхтуюць прафесійныя даследаванні, што лякчэй праходзіць у сітуацыі неканфрантацыйных тэм. Калі некаторыя з іх выконваюць г.зв. дзяржаўны заказ, датычны спрэчных гістарычных пытанняў, то могуць трымаць “фігу ў кішэні”, мець нягледзячы на напісанае іншыя ў адрозненне ад афіцыйных погляды. “Эзопава мова” становіцца адным з асноўных інструментаў працы. Але нават тыя, хто “выказваюць на кухні” свае незалежнае ад ідэалагічных установак меркаванне, збольшага спрыяюць падтрымцы сістэмы, бо гуляюць па яе правілах і спрабуюць трансляваць такія стратэгіі паводзін на іншых. Новае пакаленне спецыялістаў хутка гэтаму вучыцца. Застаецца спадзяванне на тое, што прынамсі большыя магчымасці замежных стажыровак паспрыяюць усё ж іх пераацэнцы і абнаўленні сваёй дзейнасці з тым, вынікамі яе далучаць беларускую навуку да сусветнага кантэксту.

У якасці прыклада палярызацыі нашых гуманітарыяў хачу распавесці сваю гісторыю. Шэраг год таму аўтар гэтых радкоў сутыкнулася з праблемай атрымання навуковай ступені ад ВАКу нягледзячы на паспяховую абарону дысертацыі, патрапіўшы пад г. зв. “чорнае рэцэнзаванне” па ідэалагічных прычынах. Мне было рэкамендавана перапісаць дысертацыю так, як хочуць зверху, і праз год зноў выйсці на абарону. Прымаючы рашэнне ці пагадзіцца, мной было праведзена невялікае апытанне сярод знаёмых гісторыкаў. Яно паставіла мяне паміж двух дыяметральна розных пазіцый. Большасць пераконвала, што галоўнае атрымаць ступень, а далей будзеш пісаць што хочаш(менавіта так, відаць, яны магчыма і самі рабілі). Меншасць якраз тых, у каго былі праблемы з працай з-за паездак на замежныя канферэнцыі, працы ў архівах па-за Беларуссю і гэтак далей, казалі, што быць гісторыкам гэта ўсё ж мець пэўнае сумленне. Вост такі маральны выбар, з якім сутыкаецца шмат гісторыкаў, якія прыкладам даследуюць такое неадназначнае ХХ ст. Што выбраць, калі пасля паўстануць наступныя пытанні: Як з гэтым жыць далей? Ці саступка дазволіць быць пасля такім жа шчырым даследчыкам? Ці не будзе гэта толькі пачаткам да яшчэ большых “прагінанняў”?

Асацыяцыя вольных гісторыкаў, якую спрабавалі стварыць у 2007 г. (у тым ліку вывад у публічную прастору інфармацыі пра  мае складанасці з ВАКам на гэта паўплывала),  па сваёй задумцы павінна была дапамагчы зрабіць правільны для даследчыка выбар, стварыць альтэрнатыўную афіцыйнай навуковую супольнасць па гістарычнай спецыяльнасці. Арганізацыя павінна была аб’яднаць тых, хто не змірыўся з афіцыйнай заангажаванай ацэнкай сваёй прафесійнай дзейнасці. Добрыя словы, патрэбная справа. Аднак ўзнікла праблема ўнутранага адзінства мэтавай групы, у першую чаргу лідарства ў ёй. Яе павінен быў узначаліць хтосьці гатовы цягнуць лямку публічнасці, узяць адказнасць за сістэматычную працу, у тым ліку арганізацыйнага кшталту, хтосьці, хто мог бы прадставіць сабой ў гістарычнай навуцы сапраўды спецыяліста вышэйшага ўзроўня. Калі з апошнім праблем не было, то па першых пазіцыях былі пытанні. Сапраўдныя навукоўцы ўяўляюць сабой глыбокіх індывідуалістаў, творчых асоб, аб’яднаць якіх у рэальную структуру, зрабіць скаардынаванымі іх дзеянні атрымалася нерэальным. Ці можа гэта справа часу?

А пакуль мы і надалей застаемся з праблемай палярызацыі афіцыйных і незалежных навукоўцаў (паміж імі дастаткова вялікая група на нейтральных пазіцыях), якія вельмі рэдка сустракаюцца на адных і тых жа мерапрыемствах і ўступаюць у канструктыўную дыскусію. Адныя варацца “ва ўласным саку” ў межах сваіх дзяржаўных устаноў, аднак маюць усе рэгаліі і магчымасці публікацыі, другіх маргіналізуюць выштурхоўваючы з краіны, не даючы выступаць на афіцыйных сходах, не даючы сталай працы. Аднак менавіта такія “рэпрэсаваныя аўтсайдары”, працягваючы працаваць, паказваюць сваёй дзейнасцю, што беларуская навука ўсё ж развіваецца ў міждысцыплінарным накірунку, у яе няма зусім забароненых тэм. Яны ўдзельнічаюць на міжнародных канферэнцыях, выступаюць экспертамі ў праектах. Вынік іх даследаванняў паказвае больш гнуткую рэакцыю на развіццё гуманітарнай веды, што прынцыпова адрознівае іх ад “акадэмічных ізалятаў” (па выразе Кірыла Цітаева).

Застаецца спадзявацца, што рэальныя дыскусіі ў беларускім грамадстве па балючых тэмах будуць адноўленыя. Пакуль дзяржава ахоўвае грамадскасць ад неадназначнасці ў ацэнцы падзей мінулага, мы не прыдзем да паразумення і прымірэння з самімі сабой. Шлях ігнаравання не вылечвае, а робіць праблему больш глыбокай, не вучыць не паўтарыць папярэдніх памылак наступныя пакаленні. Абяленне Сталіна, якое адбываецца на расійскіх тэрыторыях, можа перакінуцца і на нашыя. Бо адсутнасць дастатковай інфармацыі пра незручныя бакі савецкага мінулага правакуе да гэтага, а сведкі часу, якія зазналі на сабе яго злачынную палітыку, сыходзяць. Застаецца спадзявацца, што незалежныя гісторыкі, хай прайшоўшы праз рэпрэсіі, стануць стваральнікамі мясцовай гістарычнай школы, арыентаванай на выкарыстанне новых метадаў, у тым ліку ў галіне вывучэння памяці.

У паведамленні Андрэя Міхайлава гаварылася, што вусная гісторыя ўсё ж не аб’яднала нефармальных гісторыкаў Расіі.  Ці будзе гэтак жа ў Беларусі, пакажа час. Пакуль што менавіта гэты накірунак дапамагае звароту да новых ракурсаў вядомых і не вельмі тэм, пра якія не гавораць афіцыйныя выданні, падручнікі. Асноўная праблема з актыўным выкарыстаннем успамінаў сведак часу палягае ў той жа вышэй згаданай закасценеласці падыходаў і рэдкай гатоўнасці нават незалежных гісторыкаў укладваць дастаткова вялікі аб’ём часу для працы з імі. Таксама перашкаджае і недахоп традыцыйных даследаванняў па асноўных тэмах, якія б склалі факталагічны базіс для міждысцыплінарнага разгляду.

 

Ірына Кашталян, гісторык, каардынатар інтэрнэт-праекта “Беларускі архіў вуснай гісторыі”.

,

Comments are closed.