top

МАГ/The International Association for the Humanities     ЖУРНАЛ МЕЖДУНАРОДНОЙ АССОЦИАЦИИ ГУМАНИТАРИЕВ | Volume 5, Issue 1 (34), 2016.

Новая кніга па гісторыі ўніятства на Беларусі: С. Марозава. «Сваёй веры ламаць не будзем…»: Супраціў дэўнізацыі ў Беларусі (1780 – 1839 гады)

Twitter ButtonGoogle+ ButtonFacebook Button

Новая кніга па гісторыі ўніятства на Беларусі: С. Марозава. «Сваёй веры ламаць не будзем…»:  Супраціў дэўнізацыі ў Беларусі (1780 – 1839 гады). Гродна, 2014. 218 с.

marozavaАпошні этап гісторыі ўніяцкай царквы Беларусі (1772 – 1839 гады) нам сёння вядомы, галоўным чынам, у версіі тых, хто ўнію знішчаў або перамогу над ёй апалагетызаваў. Разам з афіцыйнай гістарыяграфіяй імперская прапаганда, а ў 40-я – 8-я гады ХХ ст. не менш масіраваная савецкая прапаганда прышчэплівала да гістарычнай свядомасці грамадства стэрэатып, што ўнія ў Беларусі “рассыпалась сама собой при первом ветре с востока”, што яе каштоўнасці былі чужымі беларускаму народу і таму ён лёгка ад яе адрокся. Такая трактоўка стала ўспрымацца на абыдзенным узроўні ў Беларусі, дзе ўніі няма ўжо амаль 200 гадоў, як аксіёма і мае прыхільнікаў у навуковых колах. Разняволенне навуковай думкі на мяжы 1980-х – 1990-х г. прывяло да незвычайнага росту цікавасці ў Беларусі да гісторыі апальнай царквы. Аказалася, што прызначнай навуковай прадукцыі другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст., прысвечанай агоніі ўніяцкай царквы ў Беларусі, гісторыя падаўлення ўніяцкай традыцыі і рэакцыі на яе беларускага грамадства яшчэ застаецца малавядомай старонкай нашаймінуўшчыны. У пэўнай меры гэта кампенсавалі перавыданнем прац “класікаў”: М. Каяловіча (История воссоединения западнорусских униатов старых времен (до 1800 года). Минск, 1999), М. Нікольскага (История русской церкви. Минск, 1990), Л. Гарошкі (Пад знакам «рускае і польскае веры» // Спадчына. 2000. № 1. С.142–199.).

У сучаснай беларускай гістарыяграфіі няма фундаментальных прац пра дэўнізацыю 1833 – 1839 г. i рэакцыю на яе мясцовага грамадства. Але ў навуковых артыкулах двух апошніх дзесяцігоддзяў, хоць і прысвечаных, як правіла, прыватным пытанням дадзенай праблемы і створаных на аснове фрагментарных фактаў з крыніц Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (г. Мінск) і Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў г. Гродна, відавочная тэндэнцыя пераацэнкі тых падзей у бок паказу апазіцыі пераводу ўніятаў у праваслаўе.

Урадавымі ганеннямі супраць уніятаў хіба больш цікавіліся замежныя даследчыкі, асабліва польскія, якія ў розныя часы прысвяцілі ім свае працы: Э. Лікоўскі (DziejekościołaunickiegonaLitwieiRusiwXVIIIiXIXwiekuuwążanegłówniezewzględunaprzyczynyjegoupadku. Warszaw, 1906. Cz. 1–2.), У. Хаткоўскі (Dzieje zniweczenia sw. Unii na Białorusi i Litwie w swietle pamiętników Siemaszki. Kraków, 1898), В. Харкевіч (Zmierzch unii kościelnej na Litwie i Białorusi. Słonim, 1929), В. Ленцык (TheEasternCatholicChurchandCzarNicholasI. Romae-NewYork, 1966), Л. Заштаўт (Procesykarnenaziemiachlitewsko-ruskichpolikwidacjiuniiw 1839 roku // PrzeglądWshodni. T. II. Zeszyt 3 (7). 1992/93. S. 611–631), М. Радван (Carat wobec Kościoła greckokatolickiego w zaborze rosyjskim. 1796–1839. Roma-Lublin, 2001) і інш.  Аднак і ў замежнай гістарыяграфіі рух супраць дэўнізацыі не стаў прадметам манаграфічнага даследавання.

Падзеі ХІХ ст., звязаныя з ліквідацыяй царызмам уніяцкай царквы, выклікалі ў апошні час нечаканы рэзананс у сувязі з выстаўленай ініцыятывай кананізацыі галоўнага дзеяча “ўз’яднання” ўніятаў Іосіфа Сямашкі (Крот А. Багаслоўскія і этычныя падставы кананізацыі Іосіфа Сямашкі // ARCHE. 2014. № 5. С. 188–199). Тая балючая старонка беларускай мінуўшчыны пастаянна з’яўляецца прадметам дыскусій, дэбаціруецца гісторыкамі  і негісторыкамі, праўда, часцей за ўсё, на жаль, без папярэдняга сістэмнага вывучэння крыніц.

Манаграфія прапаноўвае перагляд “ідылічнай” канцэпцыі “воссоединения” ўніятаў, заснаваны на шырокай базе архіўных крыніц і сучасным стане ведаў па гэтай праблеме. Зробленае даследаванне адкрывае перспектывубольш адэкватнага – на новай факталагічнай аснове – бачання такой эпахальнай змены ў гісторыі беларускага грамадства, як масавая рэлігійная канверсія ўніятаў, да таго ж яшчэ недастаткова асэнсаванай беларускай навукай з уласнага пункту гледжання.

Пад час падрыхтоўкі на самым памежжы ХХ – ХХІ ст.  доктарскай дысертацыі “Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596 – 1839 гады)” аўтару гэтых радкоў давялося шмат працаваць у буйнейшых архівах і рукапісных аддзелах бібліятэк Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы, Украіны. Як толькі ў сваіх архіўных пошуках я выходзіла на крыніцы 1795 – 1797 г. і асабліва 1830-х г., у рукі “самі ішлі” дакументы аб рознага роду інцыдэнтах на глебе пераварочвання ў пануючую веру ўніятаў, якія ўсяляк ад гэтага ўхіляліся і супраціўляліся. Гэта не былі адзінкавыя крыніцы – іх было мноства, асабліва ў архівах Мінска і Санкт-Пецярбурга. Часам пра адны і тыя ж здарэнні расказвалі архіўныя дакументы розных гарадоў і краін. Даследчыку, таксама выхаванаму ў духу формулы “Отторгнутые насилием воссоединены любовию”, такія крыніцы “падрывалі” ўстаялы светапогляд. А тут яшчэ І. Мядзведзеў са сваім тэзісам пра “Двухбакова фальшывую формулу” (Самая ганебная старонка // Літаратура імастацтва. 1994. 26 жніўня. С.13.) …

“Уз’яднаўчыя” інцыдэнты самі па сабе мяне тады не цікавілі, а толькі з пункту погляду лёсу ў гэтым рэлігійным “дыялогу” ўніяцкіх сакральных рэліквій ды ў этнанацыянальным аспекце. Але вырашыла, што пасля абароны дысертацыі да гэтых крыніц трэба вярнуцца, каб самой ва ўсім разабрацца, бо надта ж яны не ўпісваліся ў тагачасную агульнапрынятую навуковую трактоўку ліквідацыі ўніі.

Такая магчымасць не прымусіла сябе доўга чакаць. Падтрымка Амерыканскага савета навуковых таварыстваў (ЗША), Фонда Каралевы Ядзвігі (Польшча, Кракаў), Міністэрства адукацыі і навукі Літвы (Вільнюс), а таксама Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы далі выдатную магчымасць за два – тры гады яшчэ раз аб’ехаць буйнейшыя архівы Беларусі і суседніх краін, адкрыць новыя фонды і сабраць багацейшы крыніцавы матэрыял, галоўным чынам, па праблеме канфесійнай трансфармацыі Беларусі ў канцы XVIII – першай палове ХІХ ст.

Апошні перыяд гісторыі ўніяцкай царквы пакінуў пасля сябе багатую дакументальную спадчыну. Частка яе стваралася ў Беларусі і сёння захоўваецца ў яе архівах. Але паколькі лёс царквы вырашаўся ў сталіцы імперыі – там выпрацоўвалася рэлігійная палітыка, разглядаліся ўсе перыпетыі дэўнізацыі, абдумываліся санкцыі супраць іншадумных, – таму значны комплекс дакументаў створаны і да гэтага дня захоўваецца ў Санкт-Пецярбургу.

Адладжаная сістэма справаводства дзяржаўных устаноў, а таксама духоўнага ведамства разам з добрай захаванасцю дакументацыі органаў свецкай і царкоўнай улады вышэйшага і сярэдняга звяна забяспечылі даследчыкаў аўтэнтычным крыніцавым матэрыялам высокай навуковай каштоўнасці. Зразумела, што такога роду матэрыял не быў запатрабаваны афіцыйнай гістарыяграфіяй Расійскай імперыі. Сем дзесяцігоддзяў атэізацыі ён заставаўся па-за сферай увагі савецкіх гісторыкаў – тады не было прынята падымаць тэму барацьбы за веру; канфесійная праблематыка іх цікавіла хіба што ў аспекце барацьбы супраць рэлігіі. Так што пасля гісторыкаў і архівістаў ХІХ ст., якія трымалі ў руках, сістэматызавалі, апісвалі, вывучалі ўніяцкія архівы і дакументы, ці не першымі мы да іх звяртаемся з мэтай рэканструкцыі гісторыі абароны ўніі.

Найбольш поўнае сістэматызаванае ўяўленне аб характары, маштабах, сацыяльнай базе антыўз’яднаўчага руху ў Беларусі ў, а таксама формах і метадах яго падаўлення дае шэраг дакументальных комплексаў, якія захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Мінску (фонд 1297), Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Гродна (фонд 1), Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве ў Санкт-Пецярбургу (фонды 796, 797, 823, 824), Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі ў Маскве (фонд 109) і Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы ў Вільнюсе (фонды 605, 634).

Гэты крыніцавы матэрыял дазваляе рэканструяваць цэласную, маштабную (а не фрагментарную), а таксама ўражальную карціну супраціву рэфармаванню і ліквідацыі ўніяцкай царквы ў Беларусі ў  канцы XVIIIcт. – 30-я г. ХІХ ст. Многія з гэтых крыніц ўпершыню ўводзяцца ў навуковы абарот.

Ці не найбольш удалай даследчай знаходкай з’яўляюцца выяўленыя ў рукапісным аддзеле Ягелонскай бібліятэкі ў Кракаве ніколі не публікаваныя запіскі і дзённікі прадстаўнікоў уніяцкага духавенства, якія сталі на абарону сваёй царквы і за гэта падвергліся рэпрэсіям: прыходскага святара з Камянца Рыгора Міцэвіча, настаяцеля базыльянскага манастыра з-пад Віцебска Іллі Андрушкевіча, прапаведніка Ляшчынскага манастыра (у Мінскай губерні) Ігната Салтаноўскага. Гэтыя мемуары данеслі да нас дух і атмасферу таго часу, калі ішоў наступ на ўнію, настроі сучаснікаў і калегаў па духоўнаму званню, ўражанні саміх аўтараў. Гэтыя помнікі істотна дапаўняюць і робяць больш аб’ёмнай і шматколернай карціну ліквідацыі ўніяцкай царквы ў Беларусі, створаную ў запісках яе галоўных «ліквідатараў» Іосіфа Сямашкі і Васіля Лужынскага.

Вялікай даследчай удачай з’яўляецца таксама выяўленне дакументаў, якія гавораць вуснамі простага народа і шараговага духавенства, – такое ў крыніцах сустракаецца не часта. Таму і ў загаловак манаграфіі вынесены словы селяніна, які на настойванне кінуць унію адказаў: “Сваёй веры ламаць не будзем”.  Або яшчэ адна назва параграфа:  «Государыня матушка умерла, то и все указы ее пропали». Кацярына ІІ перавяла ў праваслаўе200 тысяч беларускіх уніятаў, але пасля яе смерці 90 % іх вярнуліся ў сваю веру. Вось чаму сяляене так гаварылі.

Значэнне ліквідацыі ўніі ў Беларусі для царскай улады заключана ў выразе тагачаснага обер-пракурора Сінода, кіраўніка вышэйшага духоўнага ведамства імперыі: «Исполинское предприятие, … которое займет блестящую страницу в летописях империи». Гэтай фразай ў кнізе названы ўводзіны.

Кніга складаецца нібыта з мноства мінірасказаў аб эксцэсах ў сувязі з ліквідацыяй уніяцкай царквы ў розных беларускіх гарадах і вёсках. У кнізе шмат, так бы мовіць, гістарычна вострых момантаў (аб узброена-“воссоединительныхх” паходах у беларускія вёскі магілёўскага губернатара Чарамісінава; аб тым, чым займаўся ў Полацку за дзень да гістарычнага сабора І. Сямашка; аб выкліку на Беларусь дадатковай вайсковай сілы на час абнародавання саборнага рашэння і шмат. інш.). Таму эпіграфам кнігі ўзяты афарызм «Па меры таго, як паступова праліваецца святло на таямніцы нашай гісторыі, у нас усё больш цямнее ў вачах».

На вокладцы кнігі – выява анёла, які злучыў у адной кропцы зямнога шара праваслаўны і каталіцкі крыжы, што сімвалізуюць дзве галіны хрысціянства. Трэба бы падпісаць, што гэта месца – Брэст, дзе ў 1596 г. заключылі царкоўную ўнію,  каб знішчыць якую царызму спатрэбілася шэсць дзесяцігоддзяў – гэта храналогія ўказана ў загалоўку: 1780 – 1839 гады.

 

Святлана Марозава, доктар гістарычных навук, прафесар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы.

Кніга атрымала грант на падтрымку выданняў ад Humanities Program of the American Council of Learned Societies.

,

Comments are closed.