top

МАГ/The International Association for the Humanities     ЖУРНАЛ МЕЖДУНАРОДНОЙ АССОЦИАЦИИ ГУМАНИТАРИЕВ | Volume 5, Issue 1 (34), 2016.

Інтэрнэт-праект “Беларускі архіў вуснай гісторыі” як крыніца інфармацыі для нефармальнай адукацыі і незалежных даследаванняў

Twitter ButtonGoogle+ ButtonFacebook Button

Журнал “The Bridge-MOCT” продолжает публикацию материалов семинара «Гуманитарные науки и демократизация на постсоветском пространстве: что сделано, что не сделано и что делать дальше?», который планируется провести в Киеве в октябре 2014 г. Ниже мы публикуем тексты очередной секции предстоящего семинара “Постсоветская академия и медиа”, комментарий Виталия Огиенкоа также ссылки на все опубликованные материалы семинара. Надеемся получить ваши отклики, размышления, мнения по вопросам, поднятым в эссе, а также по проблемам постсоветской гуманитаристики. Электронная почта: seminarmag2014@gmail.com.

Iryna KashtalianГісторыя як навука дае зацікаўленым базіс для атрымання ведаў пра мінулае. Яе вуснагістарычны накірунак можа істотна дапамагчы дапоўніць маемыя дадзеныя пра канкрэтную мясцовасць і яе культуру. Ён знаходзіцца на мяжы гуманітарных навук, прадстаўляе гістарычныя падзеі з пункту гледжання простага чалавека, звязаны з асэнсаваннем траўматычнага вопыту, наяўнымі ў грамадстве табу. Яго крыніцы – успаміны, якія адлюстроўваюць не толькі розныя ба­кі жыц­ця гра­мад­с­т­ва, а і стратэгіі паводзін простых людзей, якія не былі звязаны напрамую са справаздачамі пасадных асоб, характэрнымі для традыцыйных архіўных дакументаў. Стаўленне “маленькага” чалавека, яго ўнікальны досвед дазваляюць пабачыць мінулае больш ярка і адначасова страката, сітуацыйныя аповяды дапамагаюць лепш разумець атмасферу ранейшых часоў.

Матэрыялы з вуснагістарычных крыніц даюць навукоўцам падставу для стварэння новых даследаванняў па гісторыі Беларусі праз прызму погляду простага чалавека і яго жыццёвых інтарэсаў, адчыняюць новыя ракурсы разгляду даўна вывучаемых гістарычных тэм. Традыцыйныя ар­хіў­ныя крыніцы, якія адлюстроўваюць розныя ба­кі жыц­ця бе­ла­рус­ка­га гра­мад­с­т­ва, не могуць у дастатковай меры перадаць звесткі пра стратэгіі паводзін простых людзей, якія не былі звязаны напрамую са справаздачамі пасадных асоб, а ўнутраным светам чалавека, асаблівасцямі побыту яго сям’і. Важным аспектам з’яўляецца інфармацыя пра ўздзеянне макрагістарычных рашэнняў на штодзённасць простага чалавека, у якой у людзей нават у савецкі час заставалася некаторая прастора выбару. У такім выпадку патрабуецца выкарыстанне ўспамінаў сведкаў часу з улікам плюсаў і мінусаў іх суб’ектыўнасці. Паведамляемая рэспандэнтамі інфармацыя знаходзіцца ў моцнай залежнасці ад іх стаўлення да цяперашняй палітычнай сітуацыі, стану памяці і іншых фактараў уплыву. Таму важна шукаць у ёй не столькі факты, колькі сэнсы, якія ім надаваліся. Інтэрв’ю са сведкамі гісторыі могуць дапамагчы змаганню з міфамі пра мінулае і часам нават устанаўленню гістарычнай праўды. У той жа час выкарыстанне ўспамінаў патрабуе ўліку і мінусаў іх суб’ектыўнасці. Задача адукатараў і даследчыкаў з аднаго боку – асцярожна выкарыстоўваць гэтыя крыніцы, з другога – не страціць магчымасць дапоўніць маемыя веды такім матэрыялам, пашыраць кола разглядаемых тэм, удасканаліць свае падыходы.

Вусная гісторыя як накірунак гуманітарных навук пакуль што недаацэньваецца беларускімі гісторыкамі, бо ўсё яшчэ з’яўляецца ў Беларусі нетрадыцыйным падыходам у працэсе навучання і даследаванняў. Просты чалавек “знізу” з яго рэакцыяй на змены ў штодзённасці па ўплывам рашэнняў “зверху” застаецца ў значных публікацыях па-за кадрам. На цяперашні момант у Беларусі не абаронена ні адной дысертацыі з выкарыстаннем вуснагістарычных крыніц, апублікавана толькі адна манаграфія, крыніцавым базісам якой сталі ўспаміны простых людзей [1]. Міждысцыплінарны падыход пакуль не карыстаецца папулярнасцю ў беларускіх даследчыкаў [2]. Такая сітуацыя істотна адрозніваецца ад становішча ў найбольш аўтарытэтных па стане навукі эўрапейскіх краінах, дзе рэдкае даследаванне па гісторыі ХХ ст. абыходзіцца без выкарыстання ўспамінаў з ужо існуючых ці ствараемых самімі даследчыкамі калекцый. У Беларусі назіраюцца паступовыя зрухі да лепшага. З’яўляецца ўсё больш публікацый і выступаў на канферэнцыях, заснаваных на вуснагістарычных матэрыялах.

Аналізуючы сітуацыю з захаваннем успамінаў у Беларусі, сутыкаешся з праблемай скарачэння магчымасцяў зафіксаваць сведчанні рэспандэнтаў аб першай палове ХХ ст. (цяпер мяжа даступнай інфармацыі праходзіць фактычна па пачатку ІІ сусветнай вайны), недасяжнасцю і знікненнем ужо сабранага вуснагістарычнага матэрыяла. Пасля 1991 года інтэрв’ю са сведкамі гісторыі больш актыўна збіраліся рознымі спецыялістамі. Аднак большасць такіх дакументаў, калі і была апублікавана, то не цалкам і невялікім накладам, што абцяжарвае азнаямленне з імі. Надрукаваныя ўспаміны[3] ўтрымліваюць не ўсю інфармацыю, якая паведамлялася рэспандэнтамі. Як правіла, іх транскрыпцыі праходзяць рэдактарскую праўку. Нярэдка гэта ўвогуле мемуары, якія не могуць перадаць стылістыку вымаўлення сведкі, падтэксты якія магчыма маглі б быць цікавымі для даследчыка.

Я калісці пачала цікавіцца накірункам вуснай гісторыі, паўдзельнічаўшы ў праекце канца 1990-х “Гісторыя, якой няма ў падручніках”, пад кіраўніцтвам вядомага беларускага гісторыка Ніны Стужынскай. Тады збіраліся сведчанні рэпрэсаваных – якраз такія, што давалі інфармацыю цяжка даступную ў звычайных архівах, якія паказвалі гісторыю рэпрэсій праз прызму погляду іх ахвяраў. І толькі з часам у мяне сфармавалася разуменне пра метадалагічныя падыходы ў збору інтэрв’ю, іх апрацоўцы. Але значным штуршком да таго, чаму я зараз займаюся Інтэрнет-праектам “Беларускі архіў вуснай гісторыі” (БАВГ, www.nashapamiac.org) стаў нямецкі вопыт работы з анлайн архівамі ўспамінаў, які даў магчымасць пабачыць зручнасць арганізацыі працы з такімі крыніцамі, створанымі ў іншых краінах. Архіў ШОА і астрабайтэраў таму добры прыклад [4]. Адсутнасць падобнага прадукта ў Беларусі ў параўнанні з іншымі краінамі і наштурхнула на ідэю стварэння згаданага вышэй праекта.

З восені 2011 г. для даследчыкаў гісторыі Беларусі, якія хацелі б выкарыстоўваць вуснагістарычныя матэрыялы ў сваіх даследаваннях, была створана магчымасць доступу да такіх крыніц у ан-лайн рэжыме. БАВГ з’яўляецца архіўным сховішчам успамінаў сведак часу. Гэта арганізаваны на сучасных тэхналогіях партал, дзе ў аўдыё- і відэа- форме прадстаўлены інтэрв’ю, сабраныя гісторыкамі, краязнаўцамі, грамадскімі дзеячамі ў межах экспедыцый і іншых даследчыцкіх праектаў. Прадстаўленая тэматыка разнастайная і ахоплівае пераважна ХХ ст. Спецыялісты ў сферы гуманістыкі, не толькі гісторыі, змогуць на падставе яго развіваць свае даследванні, пашыраць кола разглядаемых тэм. Гэта можа паспрыяць зменам у даследчых парадыгмах, зарыентуе беларускіх навукоўцаў на ўдасканаленне, абнаўленне падыходаў. Праект створаны па ініцыятыве навуковай грамадскасці для спрыяння захаванню гістарычнай памяці жыхароў Беларусі, пашырэння крыніцазнаўчай і гістарыяграфічнай базы даследаванняў па гісторыі рэгіёна і папулярызацыі выкарыстання метада вуснай гісторыі. Ён дзейнічае на грамадскіх пачатках ў межах моладзевага грамадскага аб’яднання “Гісторыка”, актыўна супрацоўнічае з партнёрскімі арганізацыямі і праектамі, якія у сваёй дзейнасці звязаныя з праблематыкай вуснай гісторыі. Мяркуем, гэта архіўная платформа можа даць неабходны стымул узнікненню розных новых міждысцыплінарных праектаў, напрыклад, па праблемах памяці, ідэнтычнасці, у тым ліку і міжнародных, звязаных з беларускай тэматыкай. Гэты навукова-адукацыйны рэсурс арыентаваны на забеспячэнне максімальнай даступнасці такога матэрыяла для зацікаўленых у атрыманні інфармацыі з такіх архіўных крыніц. Ён працуе ў ан-лайн рэжыме, а, значыць, ім могуць скарыстацца даследчыкі ў любой кропцы свету.

Праект скіраваны на захаванне памяці ў першую чаргу пра савецкі (самы працяглы ў ХХ ст.) перыяд гісторыі Беларусі, у тым ліку па тэмах, якія з’яўляюцца актуальнымі і спрэчнымі, дапамаглі б дыскусіі ў грамадстве (антысавецкі супраціў, рэпрэсіі і г.д.), стварылі б магчымасць альтэрнатыўных афіцыйным даследаванняў, узбагацілі б беларускім кантэкстам магчымасці разгляду гісторыі СССР у сусветных даследаваннях.  Калекцыйны падыход дае магчымасць збору разнастайнага матэрыяла, а таксама яго будучага выкарыстання ў праектах, на адукацыйных мерапрыемствах, пры напісанні артыкулаў. Шырыня ахопу перыяда архівам выклікана тым, што сведкі, як правіла, не канцэнтравалія толькі на нейкіх вузкіх праблемах перыяда, а паведамлялі інфармацыю ў кантэксце ўсяго жыццёвага вопыта. Таму мэтазгодна максімальна прадстаўляць паведамляемую сведкам інфармацыю, што пашырыць магчымасці вывучэння розных перыядаў і тэм. Да таго ж адзначым, што гэта звязана і з тым, што саміўладальнікі калекцый успамінаў даследавалі розныя тэмы ў ХХ ст., як напрыклад, пра хіпі другой паловы 1960-х [5] . Аб’ём тэмаў, што згадваюцца ва  ўспамінах не можа быць акрэслены цалкам яшчэ і таму, што, як правіла, яны тычацца жыцця і дзейнасці рэспандэнта. Інфармацыя па той ці іншай тэме залежыць ад шматлікіх кантэкстаў, якія прысутныя ў свядомасці таго, хто распавядае, і таго, хто задае пытанні. Асноўныя тэмы пазначаюцца ў тэматычным паказальніку. Яны фармуюцца ў агульны спіс паняццяў (тэзаўрус) з мэтай палягчэння пошукавай працы даследчыкаў.

БАВГ паставіў на мэце наколькі магчыма выратаваць унікальны вуснагістарычны матэрыял, паведамлены сведкамі гісторыі з Беларусі. Яго каманда працуе, не робячы цэнзуры, хто “правільны” сведка, а хто “не зусім такі”. БАВГ праз падтрымку тэматычных распрацовак спрабуе даць гісторыкам магчымасць займацца важнымі тэмамі незалежна ад палітычнай сітуацыі, якая склалалася ў беларускай прасторы. Ёсць надзея, што беларускім даследчыкам гэта можа дапамагчы змяніць метадалагічны дыскурс у бок еўрапейскіх аналагаў, пашырыць арэал вывучаемай тэрыторыі, і гэта паспрыяе выйсцю Беларусі з рэгіянальнай ізаляцыі.

Асноўнымі задачамі БАВГ з’яўляюцца:

  • Збіральніцкая: у праекце адбываецца збор вусных успамінаў як непасрэдна, так і праз уладальнікаў калекцый вусных успамінаў;
  • Архіўная: арганізаваны працэсы камплектавання, уліку, захоўвання і выкарыстання вуснагістарычных дакументаў;
  • Навукова-метадычная: спецыялісты БАВГ аказваюць навуковую, метадычную і адукацыйную  падтрымку ў правядзенні вуснагістарычных даследаванняў;
  • Папулярызатарская: праводзяцца мерапрыемствы па папулярызацыі збору вусных успамінаў і даследаванняў з выкарыстаннем метада вуснай гісторыі.

Даследчык можа здзяйсняць пошук патрэбнага матэрыяла, калі выбярэ адпаведную яго мэтам калекцыю і канкрэтны ўспамін ці праз пошук на партале патрэбных сегментаў інтэрв’ю паводле геаграфічнага, тэматычнага, імяннога ці храналагічнага індэксаў (магчыма толькі для цалкам апрацаваных успамінаў). Пасля рэгістрацыі ён можа пачуць непасрэдна аўдыё- ці відэааповяд сведкі часу. Пры патрэбе можна звярнуцца па копію матэрыяла для навучальных і даследчыцкіх мэт да кіраўніцтва архіва.

Для правядзення адукацыйных і даследчых праектаў БАВГ дае, такім чынам, наступныя магчымасці:

  1. Атрымаць веды па асновах правядзення вуснагістарычных даследаванняў;
  2. Узбагаціць працэс навучання новымі ракурсамі, якія даюць вусныя ўспаміны;
  3. Выкарыстаць ужо прадстаўленыя на партале матэрыялы без неабходнасці самастойнага збору падобных, што можа ашчадзіць час і матэрыяльныя выдаткі;
  4. Легальна спаслацца на крыніцы праз сапраўдны архіўны шыфр, указаны да кожнага матэрыяла ў БАВГ.

На цяперашні момант для выкарыстання на партале размешчаны больш за 600 інтэрв’ю ў 40 калекцыях.  У бліжэйшы час іх колькасць будзе павялічвацца, у тым ліку ў поўнай апрацоўцы, зручнасць карыстання ўдасканальвацца. Закончанаарганізацыйная фаза станаўлення архіва, працэс аўтаматызацыі прац у ім, што дазваляе праводзіць іх нават валанцёрам без спецыяльнай тэхнічнай адукацыі. Прадастаўленне магчымасцяў непраграмістам ствараць рубрыкі, раздзелы партала, весці блогі на ім дае інструментарый для істотнага пашырэння колькасці асвятляемых тэм. Кожная рубрыка/раздзел можа мець уласную канцэпцыю і не быць звязанай з іншымі акрамя як выкарыстаннем вуснагістарычнага матэрыялу.

Для дадатковай атрактыўнасці створана інтэрактыўная геаграфічная мапа, якая арыентуе ў геаграфічных прывязках матэрыялаў архіва простых аматараў гісторыі.

Для дадатковай атрактыўнасці БАВГ было пачата стварэнне калекцый з інтэрв’ю вядомых беларусаў, якія пражываюць як у Беларусі, так і за яе межамі. Чакаецца, што паступовае іх напаўненне ўспамінамі знакавых фігур беларускай гісторыі паспрыяе прыцягненню дадатковай ўвагі грамадскасці да такога архіўнага рэсурса і да магчымасцяў стварэння ўласных праектаў і даследаванняў, якія ён дае, а таксама крытычнага пераасэнсавання мінулага.  Праз праведзеныя ў межах праекта прэзентацыйныя мерапрыемствы была пашырана інфармацыя пра праект сярод зацікаўленых ва ўсіх абласцях Беларусі, розных гарадах Польшчы, Літвы. Пры чым гэта былі як удзельнікі трэцяга сектара, краязнаўцы, так і прадстаўнікі афіцыйных арганізацый і моладзь. Стварэнне дыска для настаўнікаў гісторыі з выкарыстаннем успамінаў сведак часу стала ўнікальным пілотным прадуктам і дае магчымасць БАВГ прапанаваць свае напрацоўкі як дапамогу адукацыйнай сферы. Мы спадзяемся, што наша дзейнасць, у тым ліку спецыялізаваныя трэнінгі па асновах вуснай гісторыі, дапаможа павялічыць колькасць карыстальнікаў архіўнага рэсурса, а таксама паспрыяе павелічэнню колькасці ініцыятыў, па зборы і захаванні інтэрв’ю са сведкамі гісторыі. Праз правядзенне сваіх мерапрыемстваў і ўдзел у партнёрскіх мы працуем у накірунку падтрымання навукова-практычнага дыялогу па пытаннях захавання гістарычнай памяці і крыніц, якія яе ўтрымліваюць. На тое, каб па ўсёй Беларусі грамадскасць была паінфармаваная пра магчымасці вывучэння гісторыі праз прызму сведак часу, крытычнае пераасэнсаванне вядомых тэм. Такім чынам, паступова ствараецца агульны падмурак для змагання з рознымі варыянтамі фальшавання гісторыі для ідэалагічных мэтаў.

Ёсць і пэўныя дыскусійныя моманты ў працы БАВГ на цяперашні момант, якія патрабуюць далейшай распрацоўкі і ўзважанага стаўлення:

  1. Нягледзячы на недаацэнку вуснай гісторыі на ўзроўні афіцыйнай гістарычнай навукі, а таксама нежаданне дзяржаўных структур займацца тэмамі, якія могуць неадназначна трактавацца грамадскасцю, каманда бярэ на сябе смеласць прадстаўляць пазіцыю простых людзей, відавочцаў падзей нядаўняга мінулага, у тэматычных рубрыках архіўнага партала.
  2. Недастатковыя папулярнасць вуснагістарычнага накірунка і акцэптацыя яго афіцыйнымі адукацыйнымі і навуковымі ўстановамі робіць яшчэ доўгім шлях актывізацыі грамадскасці да выкарыстання дадзенага тыпу крыніц і адпаведна архіва.
  3. Навуковы накірунак з’яўляецца часткай працы БАВГ. Аднак патрэба дадатковых часавых выдаткаў, а таксама неабходнасць пастаяннага прасоўвання рэсурса сярод зацікаўленых адукатараў і даследчыкаў, прывялі да таго, што каманда на цяперашні момант аддае прыярытэт папулярызацыйнаму і архіўнаму накірунку ў развіцці БАВГ.
  4. У перспектыве мае сэнс правесці дэцэнтралізацыю праекта з тым, каб партал сапраўды разросся ў пляцоўку для ініцыятыў розных рэгіёнаў. Гэтаму павінна паспрыяць і стварэнне “пясочніка”, які дасць магчымасць аматарам гісторыі самім афармляць свае калекцыі на партал.

 Такім чынам, падсумоўваючы вышэйсказанае можна сцвярджаць, што БАВГ з’яўляецца праектам, які дынамічна развіваецца ў мэтах прасоўвання накірунка вуснай гісторыі, ужо даўна прызнанага і метадычна распрацаванага на Захадзе. Пры цяперашнім афіцыйным стаўленні да oral history і яго крыніц, вывучэння неадназначных тэм у Беларусі стварэнне такога архіва стала магчымым толькі сіламі грамадскасці. Маючы на мэце якаснае і колькаснае прадстаўленне вуснагістарычных крыніц, каманда ўнікальнага сховішча БАВГ спадзяецца пасадзейнічаць пашырэнню кола тэм для будучых даследаванняў і ўзбагачэнню іх дадатковай важнай інфармацыяй для разгляду. Тым больш, што мерапрыемствы БАВГ, якія ўжо прайшлі і рыхтуюцца паказваюць цікавасць прафесійных гісторыкаў і аматараў гісторыі з розных гарадоў Беларусі, што наспела неабходнасць перагляду традыцыйных падыходаў і іх удасканалення за кошт паварота да вывучэння ролі “маленькага” чалавека ў падзеях нядаўняга мінулага.

 

[1] Раманава І., Махоўская І.: Мір: гісторыя мястэчка, што расказалі яго жыхары. Вільня, 2009.
[2] Прыклады аналiзу некаторых праектаў гл. у: Першай А. Перспективы истории: о повседневности, гендере и нации в постсоветской Беларуси // Перекретки. 2013. №1-2. С. 40-56; Pershai A.  New Perspectives on the History of Belarus: A Series of Calendars, Women of Belarus // Nationalities Papers 34(3), 2006, pp. 363-372.
[3] Напрыклад: Данилов И. Записки западного белоруса: 1937-1945. Политика и война глазами очевидца и участника. Мн., 2007; Туронак Ю. За кардонам Бацькаўшчыны. Успаміны. Мн., 2010; Чижик Л. По ступеням жизни. Мн., 2008.
[4] Гл., напрыклад, спасылку.
[5] Гл. калекцыю Уладзіміра Валодзіна ў рубрыцы “Архіў/калекцыі” БАВГ (www.nashapamiac.org).

 

Ірына Кашталян, гісторык, каардынатар інтэрнэт-праекта “Беларускі архіў вуснай гісторыі”.

,

Comments are closed.